ДУ́ЧА ДЫ БУАНІНСЕ́НЬЯ (Duccio di Buoninsegna; каля 1255, г. Сіена, Італія — 3.8.1319),
італьянскі жывапісец. Заснавальнік сіенскай школы жывапісу 14 ст. Зазнаў уплыў італа-візант. жывапісу і франц. гатычнай мініяцюры. Для яго твораў характэрны асобныя рысы мастацтва Протарэнесансу. Стварыў алтарныя абразы з арнаментнымі залатымі фонамі, гучнай вытанчанай каляровай гамай («Мадонна са святымі», «Мадонна з шасцю анёламі», «Мадонна францысканцаў», каля 1280, «Мадонна Ручэлаі», 1285). У гал. творы — алтарным абразе сіенскага сабора «Маэста» (двухбаковы паліпціх, 1308—11) з выявай Мадонны ў акружэнні святых і анёлаў на пярэднім баку і сцэн «пакут» Хрыста на тыльным баку — імкнуўся надаць большую жыццёвасць і пераканаўчасць традыц. кампазіц. схемам, перадаць прастору і аб’ём. У 1288 па яго малюнку быў выкананы першы ў Італіі манумент. вітраж.